БЭ́РА ЗАКО́Н , Бэра — Бабінэ закон, тлумачыць адхіленне цячэння і падмыў берагоў рэк уплывам сутачнага вярчэння Зямлі. Абгрунтаваны ў 1857 К.М.Бэрам, які паказаў, што руславы паток рэк мерыдыянальнага напрамку пад уздзеяннем Карыяліса сілы адхіляецца ў Паўн. паўшар’і ўправа і падмывае правы бераг, у Паўд. — улева і падмывае левы бераг. Франц. вучоны Ж.Бабінэ даказаў, што так адхіляюцца ўсе рэкі, незалежна ад напрамку цячэння. Сіла Карыяліса на экватары роўная нулю і павялічваецца ў напрамку да полюсаў, а сіла адхілення патоку прапарцыянальная масе вады, таму Бэра закон найб. праяўляецца на вял. рэках сярэдніх шырот (Дняпро, Волга, Дунай, Парана, Уругвай і інш.).

т. 3, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)